Новости

Рэспубліканская добраахвотная акцыя «Тыдзень лесу»

31 Мар 2021 1475

З 3 па 10 красавіка 2021 года ў Беларусі пройдзе рэспубліканская добраахвотная акцыя «Тыдзень лесу», прымеркаваная да Года народнага адзінства. Традыцыйна арганізатарам мерапрыемства выступае Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Галоўнай мэтай акцыі з'яўляецца прыцягненне ўвагі грамадскасці да неабходнасці беражлівых адносін да ляснога фонду. Асаблівы акцэнт пры гэтым робіцца на рабоце з падрастаючым пакаленнем.

У гэтым годзе «Тыдзень лесу» ладзіцца ўжо ў чатырнаццаты раз. За ўвесь час акцыя палюбілася беларусам, многія сталі яе пастаяннымі ўдзельнікамі. Актыўны ўдзел у мерапрыемстве прымаюць не толькі сем'і, але і працоўныя калектывы, грамадскія арганізацыі, прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання.

Так, толькі ў 2020 годзе рукамі валанцёраў было высаджана больш за 23 мільёны дрэў. Асноўнымі лесаўтваральными пародамі традыцыйна сталі хвоя, елка і бяроза. Новы лес быў створаны на плошчы каля 5,5 тыс. гектараў. Усяго работы былі арганізаваны на 2 332 аб'ектах.

Стаць удзельнікам акцыі можа кожны. Для гэтага дастаткова звярнуцца ў бліжэйшы лясгас або лясніцтва і заявіць пра сваё жаданне. Лесагаспадарчыя ўстановы забяспечаць валанцёраў неабходным інвентаром і пасадачным матэрыялам, а таксама пакажуць аб'екты, якія маюць патрэбу ў пасадцы лесу.

НІА паводле сайта Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь